|
Сёння лідэры АДС правядуць акцыю ў падтрымку незалежнай прэсы 3-га траўня – у Сусветны дзень свабоды прэсы – прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сіл правядуць акцыю салідарнасці з незалежнымі СМІ краіны. Усім, хто пажадае, яны будуць бясплатна раздаваць друкаваныя выданні, забароненыя для распаўсюду праз кіёскі Белсаюздруку і па падпісцы. Сярод іх газеты “Народная воля”, “Товарищ“ і “Наша ніва”. Акцыя пачнецца а 12-й гадзіне ля Галоўпаштамту, паведамілі Рацыі ў інфармацыйным цэнтры АДС. Паводле намеcніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, галоўная мэта акцыі – на ўласным узоры прадэманстраваць дэмакратычным актывістам неабходнасць падрымкі распаўсюду незалежных выданняў. - Партыя БНФ лічыць, што кампанія ў падтрымку незалежных СМІ павінна стаць адной з галоўных палітычных кампаній Аб’яднаных дэмакратычных сіл ў 2008 годзе. Варта адзначыць, што згодна з індэксам свабоды прэсы, які штогод складае амерыканскі даследчы цэнтр Freedom House, Беларусь займае 188-е месца са 195-ці. Летась, паводле Freedom House, Беларусь была на 186-м месцы, сёлета - на 188-м. Нават сярод несвабодных краін, якіх аўтары дакладу налічылі 64, Беларусь знаходзіцца бліжэй да канца спісу - у кампаніі з Узбекістанам, Кубай, Туркменістанам, Бірмай і Паўночнай Карэяй. Радыё Рацыя,
Iнтэрнэт-выданне |