|
Горадня: у польскім консульстве пачалі выдаваць “Карты паляка” Першымі атрымалі “Карты паляка” былыя жаўнеры Арміі Краёвай і тыя, каго ў даваенныя й пасьляваенныя гады савецкія ўлады саслалі ў Сібір. Кіраўніца не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс сказала, што дзень для гэтага быў абраны таксама невыпадкова: сёньня адзначаецца Дзень Палёніі й палякаў у замежжы. Борыс: “Першыя карты будуць сёньня выдавацца жаўнерам Арміі Краёвай, а таксама тым, хто быў сасланы савецкімі ўладамі ў Сыбір, старэйшым людзям. І я ня бачу для гэтага перашкодаў”. Сёньня ж у Горадні з нагоды сьвятаў Дня Палоніі й палякаў у замежжы адбудзецца канцэрт польскага гурта “Лёмбард”, які вельмі добра вядомы гарадзенцам з 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Сытуацыя ў Горадні такая, што нікому не даюць арганізаваць імпрэзы, нават консульству Гурт “Лёмбард” удзельнічаў у агітацыйнай кампаніі Качынскіх. Ягоныя выступы заўсёды суправаджаюцца відэастужкай, зьвязанай з падзеямі “Салідарнасьці”. Такія канцэрты ўжо адбыліся ў Мадрыдзе, Лос-Анджэлесе, Чыкага. Актывіст не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Ігар Банцар распавядае, што яны дамагаліся, каб канцэрт адбыўся ў самай вялікай гарадзенскай залі, але ўлады ім у гэтым адмовілі. Таму канцэрт адбудзецца наўпрост у двары, дзе месьціцца Генэральнае консульства РП у Горадні. Банцар: “Апошнім часам сытуацыя ў Горадні такая, што нікому не даюць арганізаваць імпрэзы, нават консульству. Таму даводзіцца змагацца ў такіх умовах, як ёсьць”. Аднак арганізатары ўсё яшчэ ня маюць пэўнасьці, ці не забароняць улады канцэрт у апошні момант. Борыс: “Ня буду нічога заранёў казаць...” Назаўтра, са слоў Анжалікі Борыс, таксама заплянаваны шэраг сьвяточных мерапрыемстваў з нагоды Дня Канстытуцыі ў Польшчы. Радыё Свабода,
Iнтэрнэт-выданне |