Lombard у Гродне!

Нягледзячы на перашкоды, якія спрабавалі здзейсніць мясцовыя ўлады, канцэрт культавага польскага гурта Lombard адбудзецца сёння ў Гродне.

Канцэрт пройдзе ў межах святкавання сусветнага дня Палоніі, што адзначаецца 2 траўня ва ўсіх краінах свету, дзе існуе польская дыяспара.

Арганізацыйныя пытанні на ўзроўні гарвыканкама спрабаваў вырашыць Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне, аднак мясцовыя ўлады не пажадалі адгукнуцца і прадаставіць канцэртную залю, у выніку чаго знакаміты польскі гурт выступіць пад адкрытым небам на пляцоўцы прыватнай гродзенскай фірмы “Форт”.

Па словах прэс-сакратара непрызнаванага беларускімі ўладамі “Саюзу палякаў на Беларусі" Ігара Банцара, кіраўнікі ўсіх канцэртных заляў, куды звярталіся за дапамогай у арганізацыі канцэрта, паведамлялі, што самастойна пытанне яны вырашыць не могуць, бо неабходна атрымаць дазвол старшыні гарвыканкама Аляксандра Антоненкі. На жаль, гродзенскія ўлады пытанне культурнага абмена перавялі ў палітычнае, таму канцэрт пройдзе пад адкрытым небам у непрыстасаваных для такіх мерапрыемстваў умовах.

Lombard – адзін з найпапулярнейшых гуртоў Польшчы, а яго дыскаграфія складаецца з 23 альбомаў,11 сінглаў і 17 відэадыскаў. Культавы для гродзенскіх аматараў музыкі гурт апошні раз меў выступ у горадзе амаль 20 гадоў таму.

Радыё Рацыя,
pahonia.org

Iнтэрнэт-выданне
pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.


Спасылка на pahonia.promedia.by абавязковая.



Rating All.BY Белорусский рейтинг Сайты Байнета - bynet.it-belarus.net