Уладзімір БЕРАЖКОЎ: «Сыходзіць з прафесіі не збіраюся»

Галоўны рэдактар спартыўнай газеты «Прессбол» спадзяецца, што выданню будзе вернута акрэдытацыя для асвятлення Алімпіяды ў Пекіне.

Нагадаем, што скандал вакол «Прессбола» разгарэўся напрыканцы лютага. Тады, на пасяджэнні выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта, было прынята рашэнне аб пазбаўленні газеты алімпійскай акрэдытацыі. Падставай для гэтага стаў артыкул прызёркі алімпійскіх гульняў, біятланісткі Святланы Парамыгінай «Алімпійская сметніца». Нягледзячы на тое, што артыкул Парамыгінай грунтаваўся выключна на дакументальна пацверджаных фактах, некаторыя спартыўныя чыноўнікі палічылі, што «Прессбол» у гэтай публікацыі закрануў пачуцці і гонар алімпійскіх чэмпіёнаў.

«Рашэнне аб пазбаўленні «Прессбола» аккрэдытацыі прымалася «у цёмную». У павестцы дня гэтае пытанне нават не значылася. Яго аднеслі ў раздзел «рознае», — распавёў карэспандэнту «Пагоні» галоўны рэдактар выдання Уладзімір Беражкоў. — Прычым, зроблена гэта было перад заканчэннем тэрміна для акрэдытацыі. Хаця і зараз чыста тэхнічна можна вярнуць нашай газеце акрэдытацыю. Падобны выпадак быў перад Алімпіядай 2002 года, калі літаральна за два тыдні да пачатку гульняў змяніўся склад прадстаўнікоў СМІ».

У Сваю чаргу міністр спорта і турызма Аляксандр Грыгараў заявіў: «Акрэдытацыю на Алімпіяду ў Пекін прайшлі ўсе СМІ. Тэма закрытая».

«Гэта для Грыгарава пытанне закрытае», — парыруе Беражкоў. — Свайго апошняга слова не сказаў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка. Ёсць спадзяванне, што сітуацыя выправіцца».

Між тым, некаторыя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю аб тым, што Беражкоў сыйдзе з журналістыкі ў выпадку, калі «Прессболу» не вернуць акрэдытацыю: «Такія думкі былі тады, калі скандал толькі разгараўся», — гаворыць ён. — Зараз сітуацыя памянялася. Чытачы газеты выдалі нам вялікі крэдыт даверу ў выглядзе падпіскі. Слова ў падтрымку газеты выказалі многія вядомыя спартсмены. Мы не маем права іх падвесці. Я ўзяў на сябе абавязацельствы, што «Прессбол» раскажа пра Алімпіяду лепш за іншых, і я іх выканаю. Таму, сыходзіць з прафесіі не збіраюся».

Кастусь Ліпскі
pahonia.org

Iнтэрнэт-выданне
pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.


Спасылка на pahonia.promedia.by абавязковая.



Rating All.BY Белорусский рейтинг Сайты Байнета - bynet.it-belarus.net