Генерала прарвала, ён пагражае зачыніць «Милицейский Вестник»

На апошняй калегіі Упраўлення Унутраных Справаў Гарадзенскага абвыканкама генерал-майора Генадзя Хацько, што называецца прарвала. Вынік - 25 вымоваў і 40 вусных заўваг для мянтоўскага кіраўніцтва. Карацей разгром. Прычына – дрэнныя вынікі працы. Гарадзенская вобласць за Хацька згубіла “жоўтую майку” лідэра сярод абласных упраўленняў. І што не робіць Хацько ў яго не атрымоўваецца вярнуць страчаныя пазіцыі…

Дасталося і газэце УУС “Милицейский вестник “, галоўным рэдактарам якой недаўна стаў вядомы ў вузкіх колах пад мянушкай “Свінтус” Аляксандар Рашчупкін. На новай пасадзе Рашчупкін ўзяўся за рэфармаванне газэты. У выніку графічна мянтоўская газэта сёння як дзве кроплі вады падобна на “Вечерний Гродно”, дзе раней працаваў новы кіраўнік ведамственнай газэты. Да гэтага трэба дадаць спробы спробы ўвесці новыя жанры. На калегіі Хацько ў вострай форме, заявіў, што не падабаюцца ему артыкулы пра рыбалку і анегдоты на апошняй старонцы.

- У вогуле зачыню я гэтую газэту, – равеў Хацько.

Зачыніць “Вестник” яму, як заснавальніку, што называецца як два пальцы.

Апраўдвацца прыйшлося начальніку аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў пры УУС Генадзю Еўчару, бо Рашчупкін, як грамадзянская асоба, удзелу у калегіях УУС не прымае.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі прычынай ярасці генерала ў дачыненні да газэты стаўся вершык адстаўнога палкоўніка міліцыі Палуяна, надрукаваны ў адным з нумароў газэты.

Читаю «Вестник» наш, путём идем ребята

Как облик свой меняет аппарат

На Академической сплошные «октябрята»

И я был бы там, я сам из «октябрят»

Здавалася б бескрыўдная рэч. Але генерала ўжо даўно абвінавачваюць у прасоўванні на ўсе пасады сваіх людзей. Хацько доўгі час узначаліваў Кастрычніцкі РАУС, таму натуральна, што цяпер паўсюдна і ў першую чаргу на Акадэмічнай (сядзіба УУС) сплашныя «октябрята». Таму вынас, няхай і ў вершавана-жартаўлівай форме, гэтых абвінавачванняў на старонкі міліцэйскай газэты выклікаў жарты сярод мянтоў і нэрвовую рэакцыю Хацька.

Блог Андрэя Пачобута,
pahonia.org

Iнтэрнэт-выданне
pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.


Спасылка на pahonia.promedia.by абавязковая.



Rating All.BY Белорусский рейтинг Сайты Байнета - bynet.it-belarus.net