1 мая прыкладна з 18.00 да 19.30 зноў быў недаступны сайт беларускай службы «Радыё «Свабода». Журналісты «Свабоды» нагадваюць, што ў выпадку збояў у працы сайту іх матэрыялы можна чытаць на старонцы «Кола сяброў „Свабоды“» ў Livejournal, і просяць калег аб інфармацыйнай падтрымцы.
А тым часам, паведамляе БАЖ, намесніца начальніка ўпраўлення інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі Марыя Ваньшына назвала «галаслоўнымі» абвінавачанні ў бок беларускіх уладаў з-за збояў у працы сайту «Свабоды». Чыноўнiца заявiла БелТА, што параіла «падумаць ад адказнасці за паклёп у СМІ», маючы на ўвазе каментар кіраўніка радыёстанцыі «Свабода/Свабодная Еўропа» (РСЕ/РС) Джэфры Гедыміна.
26 красавіка кіраўніцтва РСЕ/РС выступіла з заявай з нагоды моцнай хакерскай атакі на сайты шэрагу рэдакцый радыёстанцыі - у тым ліку і беларускай. «Калі б у краінах, дзе мы працуем і на якія вяшчаем, былі б свабодныя і незалежныя СМІ, то ў нас не было б прычын для існавання. Беларускія, іранскія ўлады - у іх у прынцыпе адна мэта… Яны лічаць свабодную інфармацыю кіслародам для грамадзянскай супольнасці. Яны гатовыя зрабіць усё, што ў іх сілах, каб перакрыць гэтую плыню. «Глушылкі» ці кібератакі - яны пойдуць на гэта», - заявіў кіраўнік РСЕ/РС Джэфры Гедымін.
Юрый Коба pahonia.org
Iнтэрнэт-выданне pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.