|
Пры сутыкненні тралейбуса і аўтобуса ў Гродне пацярпелі 4 пасажыры У Гродне сёння сутыкнуліся тралейбус і аўтобус. Як паведаміў старшы інспектар УДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама Алег Дук, ДТЗ адбылося ў 9 гадзін раніцы на Румлёўскім мосце. - У сувязі з рэканструкцыяй Старога моста асноўныя транспартныя патокі пераарыентаваны ў тым ліку і на Румлёўскі мост, таму раніцай тут бываюць заторы, - расказаў БелТА інспектар. - Сутыкненне адбылося па віне кіроўцы аўтобуса, які не вытрымаў дыстанцыю руху за тралейбусам. У момант, калі тралейбус спыніўся, каб прадухіліць сутыкненне з машынай, што ехала наперадзе, ззаду ў яго ўдарыўся аўтобус. Чатыры пасажыры тралейбуса звярнуліся па меддапамогу, пасажыры аўтобуса не пацярпелі. Значныя пашкоджанні атрымала тэхніка. Цяпер па гэтаму выпадку вядзецца разбор. Радыё Рацыя,
Iнтэрнэт-выданне |