|
Амерыканскія дыпламаты абвешчаныя персонамі non grata Міністэрства замежных справаў Беларусі ўручыла Часоваму паверанаму ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Джонатану Муру ноту і спіс амерыканскіх дыпламатаў, абвешчаных персонамі non grata. "У сувязі з адмовай амерыканскага боку паследаваць рэкамендацыі МЗС Беларусі аб скарачэнні колькасці супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску Джонатану Муру была ўручана нота МЗС і пераданы спіс амерыканскіх дыпламатаў, якія абвешчаныя персонамі non grata і павінныя пакінуць тэрыторыю Беларусі", - гаворыцца ў паведамленні беларускага знешнепалітычнага ведамства, якое паступіла ў сераду ў "Інтэрфакс". Там тлумачыцца, што 30 красавіка Дж.Мур быў запрошаны ў беларускі МЗС. "пад час сустрэчы амерыканскі дыпламат быў праінфармаваны аб тым, што па стану на 30 красавіка штат супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Вашынгтоне, як аб гэтым быў загадзя апавешчаны амерыканскі бок, скарочаны да 6 чалавек, уключаючы амбасадара", - падкрэсліваецца ў паведамленні. Нагадаем, у цяперашні час у амбасадзе ЗША працуюць 15 дыпламатаў. Як раней паведамлялася, амбасадзе ЗША МЗСам Беларусі прапанавана да канца красавіка выдаць беларускаму боку спіс амерыканскіх дыпламатаў, якія застануцца працаваць у Менску. Старшыня амерыканскай дыпмісіі Джонатан Мур, каментуючы гэтае патрабаванне, заявіў, што "гэты беспрэцэдэнтны і неапраўданы крок беларускіх уладаў прывядзе да сур’ёзных наступстваў". У сувязі з санкцыямі ЗША ў адносінах канцэрна "Белнафтахім" 7 сакавіка з Вашынгтону быў адазваны беларускі амбасадар Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка Менск па патрабаванні беларускага боку пакінула амбасадарка ЗША Карэн Сцюарт. Затым амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. 27 сакавіка Беларусь пакінулі 17 амерыканскіх дыпламатаў. 31 сакавіка беларускі бок прыняў рашэнне аб дадатковым скарачэнні персаналу сваёй амбасады ў Вашынгтоне па формуле "амбасадар плюс шэсць" і прапанаваў ЗША зрабіць адэкватныя крокі. Затым было прапанавана скараціць колькасць амерыканскіх дыпламатаў да 5 чалавек. Хартыя 97,
Iнтэрнэт-выданне |