|
Чаму Лукашэнка ня можа гаварыць спакойна пра Казуліна- Ці баіцца Аляксандар Лукашэнка Аляксандра Казуліна- Ці пачынаецца ў Беларусі працэс “аўтарытарнай мадэрнізацыі”- На гэтыя ды іншыя пытаньні, зьвязаныя з учорашнім штогадовым пасланьнем кіраўніка дзяржавы, адказвае ў эфіры “Радыё Свабода” палітоляг, рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль. - У сваім пасланьня Аляксандра Лукашэнка шмат казаў пра неабходнасьць інвэстыцыяў, інавацыяў, і менавіта эканамічнаму блёку было прысьвечана найбольш увагі. Некаторыя аналітыкі загаварылі ўжо пра тое, што ў Беларусі, магчыма, пачынаецца працэс “аўтарытарнай мадэрнізацыі”. Ці вы згодныя з гэтай вэрсіяй- - Па сутнасьці, працэс “аўтарытарнай мадэрнізацыі” ці, як выказаўся адзін эканаміст-аналітык, “сынгапурызацыі” Беларусі ўжо пачаўся. І пачаўся пры відавочным супраціве Лукашэнкі. Ягоная прамова пацьвярджае, што ён быў вымушаны прызнаць ціск абставінаў, якія прымушаюць яго ісьці на пэўнае рэфармаваньне эканомікі. Але адначасова застаецца і палітычны аспэкт ягонай прамовы– з абразьлівымі выпадамі на адрас апазыцыі. І гэты складнік прамовы пярэчыць ўстаноўкам на эканамічныя перамены. Таму магчымы вынік такога рэфармаваньня эканомікі ня пойдзе нават у тых рамках, якія былі ў Сынгапуры. Бо гэта будзе пярэчыць лёгіцы палітычных паводзінаў Аляксандра Лукашэнкі. - Чаму пра некаторыя тэмы Лукашэнка па ранейшаму ня можа гаварыць спакойна, ураўнаважана- Гэта найперш апазыцыя і ў прыватнасьці Аляксандар Казулін... - Бо Лукашэнка адчувае, што любое рэфармаваньне, нават толькі ў сфэры эканомікі, можа выйсьці з-пад кантролю і прывесьці да палітычных пераменаў, у выніку якіх ён можа страціць сваю ўладу. І гэта дыктуе “эмацыйныя”, узрушаныя выпады на апазыцыю наагул, і канкрэтна, на Аляксандра Казуліна, якога Лукашэнка відавочна лічыць сваім галоўным супернікам, і лічыць, што ён пагражае ягонай уладзе. Хартыя 97,
Iнтэрнэт-выданне |