|
Літва блякуе пагадненьне паміж Эўразьвязам і Расеяй Падчас пасяджэньня міністраў замежных справаў Рады Эўразьвязу ў Люксэмбургу Літва наклала вэта на пачатак новых перамоваў з Расеяй. Вільня заявіў, што здыме вэта толькі пасьля аднаўленьня паставак нафты па нафтаправодзе «Дружба». У дэклярацыі ў пытаньні энэргетыкі Эўразьвязу Літва прапануе замацаваць абавязаньне Расеі трымацца ўсіх патрабаваньняў дамовы Хартыі энэргетыкі. Яна заклікае расейскі бок больш актыўна супрацоўнічаць у вырашэньні пытаньня аднаўленьня забесьпячэньня энэргетычных рэсурсаў па нафтаправодзе «Дружба». Літва вылучыла чатыры дэклярацыі з патрабаваньнямі, якія павінны стаць складовай часткай мандату на перамовы з Расеяй. Літоўскія дыпляматы патрабуюць гарантыяў энэргетычнай бясьпекі, аднаўленьня працы нафтаправоду «Дружба» і вырашэньня замарожаных канфліктаў у Грузіі і Малдове. Таксама Літва патрабуе юрыдычнай дапамогі Расеі ў расьсьледаваньні зьнікненьня літоўскага прадпрымальніка Станіслaваса Юцюса ў Калінінградзкай вобласці. Апроч гэтага, Літва хоча заручыцца гарантыямі супрацоўніцтва Расеі ў расьсьледаваньні крымінальных спраў пра дзеяньні савецкіх узброеных сілаў 13 студзеня 1991 г. у Вільні і пра расстрэл рыскім АМАПам літоўскіх мытнікаў 31 ліпеня таго самага году ў Медніках. Літва таксама імкнецца да таго, каб да мандату на перамовы дадавалася дэклярацыя пра кампэнсацыю шкоды асобам, што былі дэпартаваныя з краінаў Балтыі падчас савецкай акупацыі. Кіраўніца дэпартамэнту інфармацыі Міністэрства замежных спарваў Літвы Віялета Гайжоскайте паведаміла: "Літва накіравала свае прапановы па мандату перамоваў Эўразьвязу з Расеяй. Так як перамовы ня мелі посьпеху, то не прынята рашэньне аб пачатку перамоваў ЭЗ-Расея. Аднаўленьне працы нафтаправоду «Дружба» - адно з пытаньняў, якое мы хацелі ўключыць у мандат перамоваў ЭЗ-Расея. Бо шўжо прыкладна цягам двух гадоў гэты нафтаправод не працуе. І расейскі бок не дае нават тлумачэньняў Літве чаму гэта адбываецца, ці будзе Расея рамантаваць трубаправод ці неяк інакш вырашаць гэтае пытаньне. Літва прапаноўвала і сваю тэхнічную дапамогу. Нашы спэцыялісты маглі б удзельнічаць у рамонце, але мы не маем ніякіх адказаў з Расеі, як гэта будзе далей-Але гэта толькі адно пытаньне з чатырох, якое мы хацелі б прапанаваць для ўключэньня ў мандат новага пагадненьня ЭЗ-Расея». Таксама Віялета Гайжоскайте паведаміла: “Мы маем вялікі завод па перапрацоўцы нафты, саўладальніцай якога зьяўляецца польская фірма. Але Літва мае свой нафтатэрмінал у Балтыйскім моры, куды нафта дастаўляецца танкерамі. Але па трубаправодзе гэта абыходзіцца таньней. Але завод працуе. Але нам не ясна чаму Расея нібыта па тэхнічных прычынах нічога ня робіць, каб гэтыя пастаўкі былі гарантаваныя”. Пастаўкі нафты нібыта спыненыя з-за аварыі на трубаправодзе ў раёне Ўнечы. Адтуль адна галіна ідзе ў Беларусь праз Мазыр, дзе нафта пастаўляецца. А другая галіна ідзе праз Полацк на Літву і па ёй ужо два гады нафта не пастаўляецца. Таксама Віялета Гайжоскайте заявіла, што Літва ня мае прэтэнзій да Беларусі, бо яна не зьяўляецца адказнай па нафтаправоду “Дружба”. Трубаправод “Дружба” мае каля 6 тысяч кіламэтраў. Ён праходзіць праз Беларусь, Польшчу, Нямеччыну, Украіну, Чэхію, Славакію і Вэнгрыю. Пагадненьне пра будаўніцтва трубаправода было падпісана 18 сьнежня 1959 года. Ён цягнецца ад Самары (Расея) да Бранскай вобласьці. Тут ад яго пачынаецца галіна Ўнеча, Полацк, Мажэйкяй, Вентспілс. Асноўная труба з Бранску ідзе на захад у Беларусь. Адсюль пачыналіся дзьве галіны “Дружбы”. Адна ідзе праз Польшчу ў Нямеччыну, а другая праз Украіну ў Чэхію і Вэнгрыю. Апошнім часам па заходняй сыстэме “Дружбы” перапампоўвалася каля 80 мільёнаў тон нафты ў год. Гэтая нафта паступае й на перапрацоўчы завод у Мазыры. Пад час энэргетычнага канфлікту 7 студзеня мінулага года Беларусь спыніла транзыт расейскайі нафты ў Эўропу па нафтаправодзе «Дружба». Яна запатрабавала ад расейскага боку выплаты мыта на транзыт нафты. Мыта (45 даляраў за тону) было ўстаноўлена заднім чыслом ад 1 студзеня 2007 года. Расея запатрабавала адмены гэтага мыта і аднаўленьня транзыту ў Эўропу. Увядзеньне мыта Расея ацаніла як “беспрэцэдэнтную меру, якая супярэчыць міжнародным нормам”. Пастаўкі нафты аднавіліся толькі 11 студзеня 2007 года Беларусь аднавіла транзыт расейскай нафты ў накірунку Польшчы, Нямеччыны, Украіны, Славакіі, Чэхіі і Вэнгрыі. Радыё Свабода,
Iнтэрнэт-выданне |