...Зараз, гледзячы на 23-гадовага Максiма, немагчыма ўявiць, што ў свой час гэты высокi i прыгожы хлопец шчыльна “сядзеў на iголцы”. Увогуле, Макс не любiць успамiнаць пра сваё наркатычнае мiнулае, аднак на размову ўсё ж такi пагадзiўся з разлiкам на тое, што ў кагосьцi яго аповед адаб'е жаданне паспрабаваць наркотыкi, а кагосьцi прымусiць вырвацца з наркатычнага палону...
— Як гэта нi банальна, але наркаманамi не нараджаюцца, iмi становяцца, — разважае Макс. — Маладых людзей наркаманамi робiць вулiца. Калi мне было чатырнаццаць гадоў, жыў, як мне тады здавалася, як i ўсе нармальныя падлеткi — выпiваў пiва, пакурваў “траўку”. А старэйшыя хлопцы на раёне ўжывалi наркотыкi. У падлеткавым узросце чалавек вельмi ўспрымальны. Вось i я хацеў быць, як старэйшыя. Яны ездзiлi на дарагiх машынах, з iмi заўжды былi прыгожыя дзяўчаты, гэтыя хлопцы амаль усе ўжывалi наркотыкi, жылi весела i прыгожа. Я хацеў быць, як яны. Праўда, зараз разумею, што тады проста не бачыў фiнiшу iх “прыгожага жыцця” — нехта з-за наркотыкаў трапляў за краты, хтосьцi памiраў ад перадазiроўкi...
Закон паводзiн падлеткаў на вулiцы — гэта закон зграi. Трэба быць, як усе. Iначай ты — белы крумкач. У 14 гадоў я ледзь не трапiў у зону на “малалетку” за кватэрныя крадзяжы. У крымiнальнай справе было два дзесяткi эпiзодаў. Вось тады ў мяне ўнутры i адбыўся нейкi злом — я сутыкнуўся з праваахоўнай сiстэмай. Яшчэ больш азлобiўся. Вулiца выхавала мяне ў воўчым асяродку. Ад юнацкай дурасцi я вырашыў, што мне ўсё дазволена, для мяне няма нiякiх бар'ераў. У 15-гадовым узросце я першы раз укалоўся. I ўсё, панеслася. Так я апынуўся ў глыбокай яме, з якой было ўжо немагчыма выбрацца...
— Ты сам загнаў сябе ў гэтую яму, цi, можа, нехта са старэйшых “сяброў” падбiў-
— Рашэнне паспрабаваць, што такое наркотык, я прыняў для сябе сам. Самая галоўная памылка чалавека, якi вырашыў упершыню ўкалоцца, — думаць, што адзiн раз паспрабуеш i кiнеш. Гэта не так. Наркотык падпарадкоўвае волю, i чалавек ламаецца. Сваю першую дозу я знайшоў для сябе сам — нарваў маку, паклiкаў сяброў, разам мы прыгатавалi наркотык... Раз укалолiся, другi. Спадабалася... Наша кампанiя “маладых ваўкоў” распачыналася з двух дзесяткаў чалавек. На сённяшнi дзень — чатырох ужо няма, яны памерлi. Астатнiя — хто сядзiць, хто дагэтуль ужывае наркотыкi. Я адзiн уратаваўся — ужо больш за два гады не калюся, не палю i нават пiва не п'ю. Вось табе i статыстыка, якi працэнт людзей “злазiць” з iголкi. Я — адзiн з дваццацi — здолеў спынiцца.
— Разуменне таго, што наркотыкi цябе перамагаюць, прыйшло хутка-
— Даволi хутка. Я зразумеў гэта, калi стаў прачынацца кожную ранiцу з адной толькi думкай: дзе ўзяць чарговую дозу- А для таго, каб дастаць грошы на дозу, трэба было iсцi некага рабаваць цi нешта выносiць з хаты. Жыў у жаху: рабаўнiцтва — гэта злачынства, захоўванне наркотыкаў — гэта злачынства... Усё жыццё наркамана па-за законам. Гэта пастаянны падман i гульня на гранi. Але па-iншаму я тады проста не мог... Былi моманты, калi не хацелася калоцца: усё, думаю, завязваю... А потым “ломка”. Для тых, хто не ведае, што гэта такое, — раскажу. Адчуванне, якое валодае наркаманам падчас “ломкi”, нагадвае моцны зубны боль. Толькi гэты боль не праходзiць i апаноўвае ўсё цела. I сцiшыць боль ты не ў стане. Помню, я нават у адной майцы па марозе хадзiў, каб ломку пераадолець, але i гэта не дапамагала. Напiваўся — таксама не дапамагала...
Наркаманы, якiя шчыльна “сядзяць на iголцы”, бягуць ад рэальнасцi, бо рэальнасць iх пужае. Я калоўся з-за гэтай жа прычыны, бо ў рэальнасцi я не адбыўся. Але ты ж не дурны: часам азiраешся назад — i разумееш, што сам зламаў сабе жыццё; глядзiш наперад — i разумееш, што будучынi няма. У той жа час i выбрацца з гэтай ямы не можаш, бо няма веры. Што застаецца- Зноў укалоцца.
— А лячыцца ў бальнiцах ад наркаманii ты спрабаваў- Ведаю, што курсы рэабiлiтацыi для нарказалежных праходзяць i ў Навiнках, i ў шпiталi на Крапоткiна...
— Бальнiчныя курсы рэабiлiтацыi для мяне таксама мiнулы этап. Бальнiца не можа пазбавiць наркамана залежнасцi. Уся праблема ў тым, што там не лечаць свядомасць. Пакуль у свядомасцi чалавека сядзiць думка, як хутчэй укалоцца, ён застанецца наркаманам. Калi мяне прывезлi апошнi раз у шпiталь, дактары прама ў вочы заявiлi, што жыць мне засталося паўгода. Справа ў тым, што я чатыры гады запар ужываў метадон. Гэта страшны наркотык. Я фактычна забiваў сябе кожнай дозай. Дзеянне метадону на арганiзм чалавека — разбуральнае: з арганiзма амаль цалкам выводзiцца кальцый, адбываецца абязводжванне.
У бальнiцах людзей з наркатычнай залежнасцю “кормяць” так званымi соннымi таблеткамi. Я шматразова праходзiў такiя курсы рэабiлiтацыi. Ляжаў, нiбы ў тумане. Да таго ж у шпiталi наркамана трымаюць з такiмi ж наркаманамi. I размовы там толькi на адну тэму: як калолiся, дзе бралi наркотык i як хутчэй адсюль вырвацца, каб зноў калоцца. Вось i выходзiў з адной думкай.
— I ўсё ж табе ўдалося вырвацца з гэтага палону...
— Да мяне ў шпiталь прыйшоў “чалавек-светлячок” — Алена. Яна сама раней ужывала наркотыкi. Калi яна прыйшла, то безупынна паўтарала: “Свабода ад наркотыкаў ёсць, галоўнае, каб ты сам захацеў вырвацца з палону”. I, ты ведаеш, я паверыў. Бо наркаман можа паверыць толькi такому, як сам. Пазней прыйшоў у арганiзацыю “Мацi супраць наркотыкаў”. I адразу адчуў, што тут мне могуць дапамагчы. Увогуле, закончаны наркаман не любiць не толькi людзей, якiя яго атачаюць, але i самога сябе. I наркаману важна адчуць, што яму хочуць дапамагчы.
— А потым ты апынуўся ў горадзе Генiчанску, што ва Украiне. Там ёсць рэабiлiтацыйны цэнтр. Што ён сабой уяўляе-
— Там абшчына. I працуюць там людзi, якiя самi былi наркаманамi. Адразу, калi туды прыязджаеш, кiдаеш пiць, палiць, лаяцца матам... Методыка там вельмi добрая — праца i малiтва. Бо чалавек, якi згубiў сябе, абавязкова павiнен знайсцi дарогу да Бога.
Шчыра кажучы, адразу мне хацелася адтуль збегчы. А потым зразумеў, што бегчы няма куды. Дома ў мяне засталiся толькi даўгi i вялiкiя праблемы. Калi б я збег, то прыбег бы да сябе ранейшага, прыбег бы ў жыццё без будучынi. Таму я вырашыў за сябе змагацца. I ў рэшце рэшт перамог самога сябе. У кастрычнiку гэтага года споўнiлася два гады, як я не ўжываю наркотыкi.
...За два гады, якiя Макс жыве без наркотыкаў, на яго рахунку каля васьмiдзесяцi вырваных з наркатычнага палону чалавек. Шмат для каго ён i сам зараз стаў “чалавекам-светлячком” — тым, хто дае нарказалежнаму надзею на будучыню без наркотыкаў i веру ва ўласныя сiлы. Прыязджае ў шпiталi да наркаманаў i ўпэўнена сцвярджае: “Свабода ад наркотыкаў ёсць”.
Кастусь Ліпскі pahonia.org
Iнтэрнэт-выданне pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.