Сяргей Мартынаў: “Зброю зачахляць не збіраюся...”

Сяргей Мартынаў першым з беларускiх спартсменаў-стралкоў заваяваў алiмпiйскую лiцэнзiю для ўдзелу на спаборнiцтвах у Пекiне. З гэтага i пачалася наша размова. Як прызнаецца сам спартсмен, менавiта алiмпiйскiя ўзнагароды для яго вельмi дарагiя.

— Дзве алiмпiйскiя бронзы атрымалiся для мяне рознымi. Калi ў Сiднеi хутчэй быў расчараваны сваiм трэцiм месцам (шчыра кажучы, думаў, што алiмпiйскае золата ўжо ў кiшэнi, аднак у фiнале стральба не заладзiлася), то ў Афiнах стаў на трэцюю прыступку п'едэстала хутчэй насуперак: напярэдаднi афiнскiх гульняў на сур'ёзных турнiрах нават нi разу ў фiнал не трапляў. Мяняў вiнтоўку, патроны, амунiцыю... У рэшце рэшт, “неабходнае” спалучэнне было падабрана. Рады, што атрымалася зачапiцца за медаль.

— А на апошнiм чэмпiянаце свету на медаль таксама разлiчвалi-

— Добра ўсё атрымалася. Заваяваў золата. Але для мяне гэта проста чарговы медаль. Спорт ёсць спорт. Стральба, як i iншыя вiды спорту, прагнозу не паддаецца. Ты можаш быць увесь медалямi ўвешаны, а калi стральба не пойдзе, то ўжо нiчога не зробiш. Вось, напрыклад, узяць апошнюю Алiмпiяду ў Афiнах. У фiнале страляў амерыканец, i адзiн алiмпiйскi залаты медаль у яго на той момант ужо быў. Аднак знянацку ён узяў ды i пачаў страляць не ў сваю мiшэнь. Нервы здалi...

Калi ж вяртацца да апошняга чэмпiянату свету, то скажу шчыра: асаблiвых уражанняў ён у мяне не пакiнуў. Стральба як стральба...

— Ну а фiнансавы стымул-..

— Мiжнародная федэрацыя стральбы нiякiх прызавых не выплачвае. Па-крайняй меры за перамогi на чэмпiянатах свету. Прэмiяльныя атрымлiваў толькi ў Беларусi — як за сусветныя спаборнiцтвы, так i за алiмпiйскiя медалi.

— Карацей кажучы, стралкам на жыццё ў Беларусi скардзiцца не прыходзiцца-

— За ўсе стралковыя школы краiны адказваць не буду, здагадваюся, што ў дзiцячых школах ёсць пэўныя праблемы i са зброяй, i з аплатай працы трэнераў. Ды i на ўзроўнi нацыянальнай зборнай краiны пэўныя праблемы таксама iснуюць, аднак яны заўжды вырашаюцца.

— Сяргей, Вы страляеце толькi на спаборнiцтвах цi раз-пораз заходзiце ў цiр якога-небудзь парку культуры i адпачынку, каб там сабраць усе прызы-

— Не, паркавыя цiры на прызы не абанкручваю. Там зброя не заўжды добрая, можна i ў мiшэнь не патрапiць... (Усмiхаецца. — Аўт.). Няхай дзецi забаўляюцца, а мне стральбы i на прафесiйным узроўнi хапае.

— Дарэчы, цi шмат дзяцей зараз маюць ахвоту займацца стральбой-

— Жадаючых хапае, але страшэннага ажыятажу не назiраецца. Я i сам у стральбу трапiў выпадкова. Да таго як прыйсцi ў цiр, спрабаваў займацца рознымi вiдамi спорту — веславаннем, акрабатыкай... Акрабатыкай, напрыклад, займаўся адзiн дзень, там мяне так замучылi, што ўсё балела. Пасля таго i вырашыў: у спартзалу — нi нагой.

У нашым дзяцiнстве было няшмат забаў. Гэта сённяшнiя дзецi з-за камп'ютэра не падымаюцца, а ў нас гэтага не было. Ну а што хлопцу трэба- Пастраляць — вось гэта забава. У цiр хадзiлi чалавек па восемдзесят. Праўда, не ўсе заставалiся. Так скажам, праходзiў натуральны адбор. Мне спадабалася, я застаўся. Дагэтуль страляю.

— У Вас дзве дачкi. Хочаце, каб яны пайшлi па Вашым шляху-

— Хай самi вырашаюць. Пакуль яны плаваннем займаюцца — пайшлi шляхам маёй жонкi Аксаны. Мы i пазнаёмiлiся, якраз калi яна хадзiла на трэнiроўкi па плаваннi.

— Сяргей, напэўна любы стралок у душы паляўнiчы. На паляванне часта ездзiце-

— Памылковае сцвярджэнне. Не люблю паляванне i нi разу там не быў — нi ў якасцi паляўнiчага, нi ў якасцi гледача. Мне больш даспадобы рыбалка: пасядзець на беражку, супакоiцца... I для мяне не важна, якога памеру рыбiну я выцягну. Зацягвае сам працэс.

— Спакойны чалавек Сяргей Мартынаў застаецца такiм i на спаборнiцтвах-

— А чаго асаблiва нервавацца- Хваляванне, канечне, прысутнiчае... Уздымаючы вiнтоўку, стараюся не думаць аб вынiку, лепш на нейкiя iншыя тэмы. Ведаю, што вось я, а там мiшэнь, а як трапiць куля — пакажа “электронiка”.

— Гэта значыць стральбу, у адрозненне ад фiгурнага катання цi гiмнастыкi, нельга аднесцi да “суб'ектыўных” вiдаў спорту-

— Чалавечы фактар на сённяшнi дзень у стральбе адсутнiчае — усё робiць электронiка. Аспрэчыць рашэнне камп'ютэра тэарэтычна можна, аднак пры спробе спартсмен, як правiла, адразу пазбаўляецца двух ачкоў. Таму спрачацца бессэнсоўна.

— Сяргей, золата чэмпiянатаў свету ў вашай медальнай скарбонцы ўжо ёсць. Вось з алiмпiйскiм медалём такога ж гатунку неяк не складваецца: бронза i бронза... Як думаеце, у Пекiне ўдасца перарваць традыцыю-

— Хто ж пра гэта не марыць-! Але да Алiмпiяды ў Пекiне яшчэ шмат часу. Наперадзе шмат адказных стартаў, аднак на галоўных, на тых, што раз у чатыры гады, канечне ж, хацелася б выступiць выдатна. Аднак, паўтаруся, прагнозы ў спорце — справа няўдзячная.

БЛІЦ:

— Любiмая страва-

— Ем усё, не перабiраю.

— Любiмая музыка-

— Дакладна не беларуская i расiйская папса.

— Любiмая лiтаратура-

— Тое самае, што i са стравай. Праўда, вялiкiм кнiгалюбам не з'яўляюся.

— Ваша хобi-

— Люблю бiльярд. Спакойная гульня.

— За рулём Вы лiхач-

— Не, аднак правы ў ДАI забiраць даводзiлася. Не заўважыў абмежавальнага знака.

— На вулiцах пазнаюць-

— Рэдка. Я ж не хакеiст i не футбалiст.

— Чым збiраецеся заняцца пасля завяршэння спартыўнай кар'еры-

- Ай, не думаў я пра гэта. Зброю зачахляць пакуль не збiраюся.

Кастусь Ліпскі
pahonia.org

Iнтэрнэт-выданне
pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.


Спасылка на pahonia.promedia.by абавязковая.



Rating All.BY Белорусский рейтинг Сайты Байнета - bynet.it-belarus.net