|
Дэпутаты ня хочуць апынуцца пад мостам Сёньня Аляксандар Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем да беларускага народу і парлямэнту. Пасьля таго, як кіраўнік дзяржавы пакінуў Дом ураду, у Авальнай залі якога ён выступаў, журналісты атрымалі магчымасьць задаць пытаньні сябрам Нацыянальнага сходу. Адказы некаторых удзельнікаў паседжаньня запісаў наш карэспандэнт . Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян кажа, што сёньня ён пераканаўся — жыхарам Беларусі трэба працаваць яшчэ лепш: “Прэзыдэнт сказаў, што мы павінны будаваць новую Беларусь, якая зьяўляецца мостам, каб не апынуцца пад мостам. З усяго пасланьня менавіта гэта мне найбольш запала ў душу. Бо гэта вельмі дакладна. Калі мы недзе спынімся, дык тады сапраўды апынемся пад мостам. А калі будзем па-новаму працаваць і будаваць усё па-новаму, дык тады і мост будзе трывалы і моцны”. Спадара Касьцяна падтрымлівае і старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Юры Кулакоўскі: “У першай частцы ён ахарактарызаваў мэту працы ўсяго дзяржаўнага апарату. Гэта — дабрабыт нашых людзей. А ў другой частцы назваў сродкі для дасягненьня мэты. І такая палітыка, такі падыход у нас застаюцца стабільнымі. Ад гэтага і дзяржава ў нас стабільная. Таму прэзыдэнт заўжды будуе свае выступы сацыяльна скіраванымі на тое, што дабрабыт людзей — гэта наша мэта”. На стабільнасьці ў Беларусі акцэнтуе ўвагу і намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі Іван Мычко. Камісія, у якой ён працуе, займаецца грашова-крэдытнай палітыкай і банкаўскай дзейнасьцю: “Было сказана пра павелічэньне заробкаў. Часта можна пачуць, што ў нас рост заробкаў ідзе большымі тэмпамі, чым разьвіцьцё вытворчасьці. Але эканоміка, жыцьцё гэта абвяргаюць. Насамрэч ідзе аднолькавымі тэмпамі — і разьвіцьцё вытворчасьці, і заробкаў”. Чалец Савету Рэспублікі, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі кажа, што вылучыў для сябе ў сёньняшнім пасланьні тэму міжнародных дачыненьняў: “Гэта там, дзе казалася пра нашы міжнародныя дачыненьні. Па-ранейшаму гаворыцца пра адкрытасьць і гатоўнасьць да дыялёгу. І, мабыць, упершыню публічна прагучалі патаемныя хады, якія садзейнічаюць альбо не садзейнічаюць гэтаму дыялёгу. Былі агучаны прэтэнзіі абодвух бакоў у наўпроставым эфіры. Я думаю, што для людзей гэта будзе карысна”. Цікаўлюся ў спадара Зімоўскага, як ён успрымае крытыку з вуснаў кіраўніка дзяржавы на адрас беларускіх тэлевізійных каналаў: “Крытыка прэзыдэнта была шмат у чым справядлівая. Некаторыя беларускія каналы ня могуць вытрымаць балянс паміж рэйтынгам, за які змагаюцца ўсе мэдыі, і рэпутацыяй. Белтэлерадыёкампанія больш зьвяртае ўвагу на рэпутацыю, а хтосьці — на рэйтынг. Прэзыдэнт гэта заўважыў. І, як я зразумеў, ня ён адзін”. Радыё Свабода,
Iнтэрнэт-выданне |