|
Апазіцыянеры ўсё роўна будуць хадзіць у амерыканскае пасольства У нядзелю канал “Першы” паведаміў пра раскрыццё разгалінаванай сеткі амерыканскіх шпіёнаў, якія пад прыкрыццём пасольства ЗША збіралі інфармацыю для ФБР, якая выкарыстоўвалася супраць Беларусі. Адныя з тых, хто рэгулярна наведвае амерыканскае пасольства, - беларускія апазцыйныя палітыкі. Рацыя вырашыла высветліць, ці не баяцца партыйныя лідэры, што іх таксама запішуць ў шпіёны- Беларускае тэлебачанне любіць паказваць, як апазіцыйныя палітыкі раз-пораз з папкамі і партфелямі заходзяць у амерыканскае пасольства, намякаючы, што ў іх могуць знаходзіцца нейкія дзяржаўныя сакрэты, а пасля наведвання дыпмісіі – ужо амерыканскія долары. Тым не менш, лідэры апазіцыі кажуць, што перспектыва быць абвешчнымі шпіёнамі ЗША іх не палохае: яны падтрымлівалі і будуць падтрымліваць стасункі з амерыканцамі. Прынамсі, так Рацыі заявіў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч: - У мяне якраз ёсць падстава на гэтым тыдні зазірнуць ў пасольства ЗША. Я ніколі не баяўся і не баюся рабіць тое, што лічу неабходным. Гэта хай нехта іншы баіцца. Паводле спадара Шушкевіча, увесь гэты шпіёнскі скандал выскваркі не варты. А ўся “антыамерыканская істэрыя” абумоўленая толькі адным - увядзеннем санкцый супраць канцэрна “Белнафтахім”: - Амерыканцы патрапілі з лазерным прыцэлам у тую цэль, у якую хацелі патрапіць. Яны ўвялі санкцыі, якія закранулі інтарэсы нашага прыдворнага, прыдзяржаўнага бізнэсу. А канкрэтна - пэўных уплывовых асоб. І я не выключаю, што самых высокіх. І таму тут азвярэнне дзікае. Вы ж бачыце, што робіцца. Аж на сценку лезуць! Не палохаецца хадзіць у пасольства ЗША і намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч: - Я хадзіў і буду хадзіць ва ўсе пасольствы, у якія мяне запрашаюць. Таму што лічу, што падтрымліваць адносіны з дыпламатамі - адна з важных задач для кожнага палітыка. Мяне за маё жыццё столькі разоў абвінавачвалі і абзывалі агентам розных выведак, і ад таго, што скажуць, што я яшчэ і на ЦРУ працую, з мяне шапка не спадзе. Дарэчы, спадар Міхалевіч жыў на вуліцы Кісялёва ў Мінску, дзе на канспіратыўнай кватэры і была беларускімі спецслужбамі выкрытая нібыта ўся шпіёнская сетка ЗША. Адзін з сябраў аргкамітэту па стварэнні партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Аляксей Шэін - таксама даволі часты госць у пасольстве ЗША. Аднак малады палітык не напалоханы шпіёнскім скандалам. Хоць паводле яго словаў, добра ўсведамляе, што “здраднікам Радзіме” можа быць абвешчаны любы беларускі апазіцыянер: - У прынцыпе, можна чакаць і таго, што апазіцыйныя палітыкі могуць паўстаць у вобразе такіх шпіёнаў. Зрэшты, гэта будзе ўжо не нешта новае. Таму што вельмі падобная сітуацыя была з арганізацыяй “Партнерства”. Што, маўляў, ёсць нейкі цэнтр, інспіраваны замежнымі выведкамі, ёсць базы па-за межамі Беларусі. І гэты цэнтр рыхтуе выбухі і правакацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Пры пагаршэнні эканамічнай сітуацыі гэты сцэнар можа паўтарыцца ў адносінах да любой іншай структуры альбо да любога апазіцыйнага палітыка. Але самым смелым беларускім апазіцыйным дзеячом можна назваць лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Палітык ужо чацверты год ходзіць па лязе. Афіцыйнае папярэджанне КДБ за празмерныя кантакты з заходнімі палітыкамі спадару Лябедзьке было вынесенае яшчэ ў 2004 годзе: - Я да сённяшняга дня маю папярэджанне КДБ, якое атрымаў пасля фізічнага захопу на выхадзе з амерыканскага пасольства. Мяне тады завезлі ў КДБ людзі ў чорным, паставілі перад камерай, зачыталі гэта афіцыйнае папярэджанне. Якраз мяне абвінавачвалі ў сувязях з рознымі пасольствамі, у тым ліку і амерыканскім, а таксама місіяй АБСЕ у Мінску. Крымінальны артыкул за здраду Радзіме прадугледжвае смяротнае пакаранне. Але каб прасунуць у Беларусі хоць крыху болей дэмакратычных каштоўнасцяў, лідэру АГП і жыцця не шкада. За мінулы час Анатоль Лябедзька ні на йоту не збавіў сваю палітычную актыўнасць. А таксама працягваў мець кантакты з заходнімі дыпламатамі. Пакуль рабіўся гэты матэрыял, з Міністэрства замежных справаў Беларусі прыйшла навіна пра тое, што амерыканцы пагадзіліся скараціць штат сваіх супрацоўнікаў, якія працуюць у мінскім офісе. Цяпер невядома, хто будзе надалей ўцягваць беларускую апазіцыю ў ”шпіёнскую дзейнасць” і ўгаворваць “здрадзіць радзіме”. Радыё Рацыя,
Iнтэрнэт-выданне |