|
КДБ аспрэчвае БТ Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Беларусі не пацвярджае факт выкрыцця шпіёнскай сеткі, якая дзейнічала пад прыкрыццем амбасады ЗША ў Менску. "Мне нічога не вядома пра гэты факт", – сказаў сёння ІТАР-ТАСС кіраўнік цэнтра грамадскіх сувязяў і інфармацыі КДБ Валеры Надтачаеў. Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97 у матэрыяле «БТ супраць ФБР», напярэдадні ўвечары ў эфіры Беларускага тэлебачання сцвярджалася, што амбасада ЗША ў Менску пад прыкрыццем барацьбы з тэрарызмам арганізавала шпіёнскую сетку сярод грамадзян краіны. Паводле інфармацыі тэлеканала, дыпмісія стварыла групу з дзесяці чалавек, якая займалася зборам і перадачай інфармацыі амерыканскаму боку. Сабраныя дадзеныя, якія маглі нанесці шкоду Беларусі, перадаваліся ў амбасаду ЗША кадраваму супрацоўніку ФБР. Амаль усіх сяброў групы затрымалі 13 сакавіка на канспіратыўнай кватэры, абсталяванай недалёка ад дыпмісіі, сцвярджаў тэлеканал. "Шпіёнскі скандал" узнік на фоне беларуска-амерыканскіх стасункаў, якія і без таго ўскладніліся апошнім часам. Спачатку ЗША ўвялі дадатковыя санкцыі ў дачыненні прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім", патрабуючы ад афіцыйнага Менска вызвалення палітвязняў, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. 7 сакавіка МЗС Беларусі адклікаў з ЗША свайго амбасадара Міхаіла Хвастова для кансультацый і рэкамендаваў кіраўніку амерыканскай дыпмісіі ў Менску Карэн Сцюарт пакінуць Беларусь з той жа мэтай. 12 сакавіка яна была адкліканая ў Вашынгтон. Пасля МЗС Беларусі рэкамендаваў скараціць штат амбасады ЗША ў Менску, а 19 сакавіка амбасада ЗША прыпыніла выдачу ўязных віз беларусам Хартыя 97,
Iнтэрнэт-выданне |