|
Адбылася сустрэча Кандрусевіча і Лукашэнкі Аляксандр Лукашэнка сёння з нагоды другога дня святкавання Вялікадня па каталіцкім календары наведаў менскі Архікафедральны касцёл імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Беларускі кіраўнік сустрэўся з архібіскупам мітрапалітам Менска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам. Аляксандр Лукашэнка агледзеў адрэстаўраваныя роспісы храма, якія аднаўляліся цягам некалькіх гадоў пры падтрымцы ўлад, паведамляе БелТА. Падчас наведвання касцёла адбылася гутарка Аляксандра Лукашэнкі і Тадэвуша Кандрусевіча ў фармаце «адзін на адзін». Лукашэнка і кіраўнік Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі РКЦ абмяняліся падарункамі. Кіраўніку дзяржавы быў уручаны памятны медаль, у сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка паднёс у дар архікафедральнаму касцёлу карціну «Касцёл у Жупранах» мастака Эдуарда Рымаровіча (на карціне адлюстраваны каталіцкі храм у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ашмянскім раёне). Рымска-каталіцкая канфесія з'яўляецца другой па велічыні ў Беларусі. Цяпер у краіне налічваецца 457 каталіцкіх парафій, аб'яднаных у чатыры дыяцэзіі. Хартыя 97,
Iнтэрнэт-выданне |