|
БТ супраць ФБР Беларускае тэлебачанне сцвярджае, што амбасада ЗША ў Менску з нагоды барацьбы з тэрарызмам арганізавала шпіёнскую сетку сярод беларускіх грамадзян. Як гаварылася ва ўчорашнім сюжэце БТ, амбасада ЗША ў Менску стварыла ў структуры свайго офіса групу выяўлення, у склад якой уваходзілі каля 10 чалавек. Задачай групы нібыта з'яўляўся збор і перадача амерыканскаму боку па заданні ФБР звестак для выкарыстання іх у шкоду Беларусі. Паводле дадзеных тэлеканала, інфармацыя перадавалася куратару - кадраваму супрацоўніку ФБР, які з'яўляўся дыпламатам амбасады ЗША. Супрацоўнікі БТ сцвярджаюць, што група была забяспечаная спецабсталяваннем - фотаапаратамі, біноклямі, відэакамерамі і тэлефонамі. Яна нібыта павінна была пад выглядам абывацеляў у мэтах канспірацыі фіксаваць усё, што ўяўляе цікавасць для службы бяспекі ЗША. Як сцвярджае БТ, сябрам групы было забароненае наведваць амбасаду і кантактаваць з яе супрацоўнікамі за выключэннем куратара. Для групы нібыта была абсталяваная канспіратыўная кватэра ў паўкіламетра ад амбасады. Групу выявілі 13 сакавіка пры праверцы дакументаў амаль у поўным складзе ў канспіратыўнай кватэры, перадае "Інтэрфакс" са спасылкай на беларускае ТБ. Афіцыйнага каментара з нагоды здарэння з боку амерыканскай амбасады пакуль няма. Хартыя 97,
Iнтэрнэт-выданне |