Лекцыя Латышонка ў Берасьці ў памяць пра Асобы атрад БНР

Сьвяткаваньне 90-ых угодак абвяшчэньня БНР у Берасьці распачалося з публічнай лекцыі пра генэрала Станіслава Булак-Балаховіча і ягонае войска, якую прачытаў вядомы беларускі гісторык з Польшчы праф. Алег Латышонак.

Лекцыя выклікала вялікую цікавасьць у мясцовай інтэлігенцыі, моладзі і студэнтаў-гісторыкаў - паслухаць выступ дасьледчыка, які спэцыяльна займаўся дасьледаваньнем у польскіх архівах гісторыі беларускіх вайсковых фармаваньняў, прыйшло каля васьмі дзясяткаў чалавек, у той час, калі арганізатары спадзяваліся на чалавек 40.

Падчас лекцыі адбылася прэзентацыя шматлікіх унікальных архіўных фотаздымкаў, зьвязаных з жыцьцём і дзейнасьцю Станіслава Булак-Балаховіча (сёлета - 125 гадоў з дня яго нараджэньня), зь яго сям'ёй і яго войскам.

Таксама ўдзельнікі імпрэзы пабачылі ўнікальны 10-хвілінны фільм-хроніку, зьняты ў час, калі Асобы атрад БНР генэрала С. Булак-Балаховіча ваяваў супраць бальшавікоў у Эстоніі. Уласна з эстонска-латышска-савецкай мяжы атрад ген. Балаховіча ў колькасьці каля 700 чалавек праз Дзьвінск на пачатку сакавіка 1920 г. перадысьлякаваўся ў Берасьце.

Як адзначыў сп. А. Латышонак, Берасьцейская крэпасьць - гэта месца фармаваньня беларускага войска. І там павiнна захоўвацца памяць аб гэтым войску i яго начальнiку ген.С.Булак-Балаховічу. Бо было гэта адзiнае дзейнае беларускае войска на той час. Больш за тое, як адзначыў сп. А.Латышонак, толькі на занятых арміяй ген. Балаховіча тэрыторыях Палесься ў гарадах і мястэчках была створана мясцовая беларуская ўлада, якая кіравалася ідэаламі БНР.

Дзейнасьць ген. Балаховіча, Асобага атраду БНР, які ён узначальваў, яго Палескі паход увосень 1920 году - гэтыя старонкі гісторыі пакуль застаюцца маладасьледаванымі і для большасьці беларусаў малавядомыя, вакол іх створана і падтрымліваецца шмат мітаў. Таму гэтая лекцыя была адным з крокаў для пазнаньня берасьцейцамі ўласнай, такой няпростай гісторыі часоў змаганьня за дзяржаўнасьць і незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Пасьля лекцыі ўсе ўдзельнікі атрымалі памятную паштоўку з ген. С. Булак-Балаховічам, выпуск якой прымеркаваны да 90-х угодак БНР (яна - першая з сэрыі запланаваных паштовак, якія мяркуецца прысьвяціць берасьцейцам - дзеячам БНР). Затым адбылося ўскладаньне вянкоў на "Балахоўскіх могілках", разьмешчаных у берасьцейскім мікрараёне Рэчыца, каля мясакамбінату (у мінулым нумары "НН" памылкова пададзена, што пахаваньні балахоўцаў - на Гарнізонных могілках), дзе пахавана больш за паўтысячы жаўнераў, большасьць зь якіх - невядомыя. Былі запалены зьнічы, адбылася кароткая малітва ў памяць аб тых, хто аддаў сваё жыцьцё за волю Бацькаўшчыны.
pahonia.org

Iнтэрнэт-выданне
pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.


Спасылка на pahonia.promedia.by абавязковая.



Rating All.BY Белорусский рейтинг Сайты Байнета - bynet.it-belarus.net