Гродзенцы прынялі ўдзел ў агульнанацыянальнай дыктоўцы

Больш чым 200 чалавек падтрымалі ў Гродне акцыю, прысвечаную 90-ым угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра гэта карэспандэнту ПАГОНІ паведаміў актывіст Гродзенскага Руху "За Свабоду!" Павал Мажэйка, які быў адным з арганізатараў дыктоўкі.

- З-за таго, што ў горадзе не знайшлося залы, каб прыняць такую вялікую колькасць прыхільнікаў роднай мовы, дыктоўку давялося праводзіць у невялікім памяшканні Таварыства Беларускай Школы ў пяць этапаў - кожную гадзіну пачынаючы з 12 і да 16, - гаворыць Павал Мажэйка. - На кожным этапе тэкст дыктавалі аўтарытэтныя і паважаныя ў горадзе людзі. Гэта - Данута Бічэль, Віктар Шалкевіч, Тамара Талерчык, Вера Кунцэвіч, Хрысціна Марчук.

Сярод тых хто пісаў дыктоўку былі Алесь Краўцэвіч, прафесар Гродзенскага універсітэта з сям'ёй; Кастусь Жынь, кіраўнік аддзела капітальнага будаўніцтва аб'яднання Гроднаэнэрга; інжынер Яўген Чыгір... Вялікую частку аўдыторыі склала моладзь - школьнікі і студэнты. Нягледзячы на тое, што работы можна было не здаваць, таму, што гэтая акцыя была не праверкаю граматнасці, а тэстам на патрыятычнасць і любоў да Беларусі - практычна ўсе ўдзельнікі здалі свае дыктоўкі арганізатарам.

Плануецца, што 25 сакавіка - у дзень 90-ых угодкаў абвяшчэння незалежнасці, гарадзенцы, якія прынялі ўдзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы, даведаюцца пра вынікі сваёй працы і атрымаюць персанаьныя віншаванні з Днём Волі.

Іван Гром
pahonia.org

Iнтэрнэт-выданне
pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.


Спасылка на pahonia.promedia.by абавязковая.



Rating All.BY Белорусский рейтинг Сайты Байнета - bynet.it-belarus.net