Украіна дапаможа Беларусі ў кантактах з Еўропай

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліховы ўчора сустрэўся з беларускімі журналістамі. Дыпламат заявіў пра тое, што "Украіна гатовая аказаць падтрымку Беларусі ў пытанні ўмацавання кантактаў з еўрапейскімі структурамі".

Амбасадар нагадаў, што нават падчас змены ўрада "ўкраінцы заўсёды казалі пра бесперспектыўнасць ізаляцыі Беларусі ад еўрапейскай і сусветнай супольнасці". "Нам бы хацелася, каб Беларусь увайшла ў Раду Еўропы як паўнавартасная дзяржава", - падкрэсліў Ліховы. Ён таксама сказаў, што Украіна як ніхто іншы зацікаўленая ў адсутнасці міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

Акрамя таго, Украіна, калі ў гэтым будзе патрэба, можа паспрыяць ва ўрэгуляванні беларуска-амерыканскага дыпламатычнага крызісу. "І Беларусь, і Злучаныя Штаты з'яўляюцца для Украіны стратэгічнымі партнёрамі, таму гэтую тэму мы абысці не можам", - сказаў Ігар Ліховы. Аднак зазначыў, што ўдзельнічаць ва ўрэгуляванні дыпламатычнага крызісу Украіна будзе толькі ў тым выпадку, калі яе аб гэтым папросяць. Пакуль такой патрэбы дыпламат не бачыць. Тым не менш, адразу пасля прэс-канферэнцыі ён накіраваўся ў Міністэрства замежных справаў Беларусі, дзе праходзіў брыфінг па беларуска-амерыканскіх стасунках.

Ігар Ліховы таксама нагадаў, што прэзідэнт Віктар Юшчанка падчас падпісання дамовы аб уваходжанні Украіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю абяцаў спрыяць паскарэнню працэса далучэння да СГА Беларусі.

Украінскі амбасадар таксама паведаміў журналістам аб павелічэнні аб'ёмаў узаемнага гандлю з Беларуссю. У 2007 годзе краіны нагандлявалі на $3 млрд. 600 млн.

Не абмінуў Ігар Ліховы і тэму культурніцкага супрацоўніцтва Украіны і Беларусі. Цяпер дыпламат, а ў мінулым міністр культуры Украіны ў мінулую суботу ўзяў удзел у напісанні нацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове. А вось адказваючы на пытанне журналіста беларускага тэлеканала "Першы" пра магчымасць удзелу ў жалобных мерапрыемствах у Хатыні, Ігар Ліховы сказаў, што яго туды папросту не запрасілі.

Радыё Рацыя,
pahonia.org

Iнтэрнэт-выданне
pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.


Спасылка на pahonia.promedia.by абавязковая.



Rating All.BY Белорусский рейтинг Сайты Байнета - bynet.it-belarus.net