|
Размова з дырэктарам Цэнтра прамоцыі рэгіёна „Чарлёнка” ў Гайнаўцы Міколам БУШКО. — Пачаўся чарговы год таксама і ў працы Цэнтра прамоцыі рэгіёна „Чарлёнка”. Якой дзейнасцю займаецца цэнтр- — Фонд царкоўнай музыкі, які вядзе Цэнтр прамоцыі, займаецца двума галінамі дзейнасці. Першая — гэта захаванне і прамоцыя духоўных вартасцей, другая — свецкая, дзеля аховы культурных вартасцей рэгіёна. У духоўнай галіне, без ніякіх сумненняў, самай важнай падзеяй з’яўляецца Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі — „Гайнаўка”, але наша дзейнасць гэта таксама падзеі, якія даўно перасяклі межы Польшчы. Дасканалым прыкладам з’яўляецца „Ютрань” Кшыштафа Пэндэрэцкага, якой расійскую прапрэм’еру поўнага выканання ладзілі мы ў Санкт-Пецярбургу, можна сказаць, у культурнай сталіцы Расіі. Чарговы від нашай дзейнасці на гэтым абшары гэта бібліятэка царкоўнай музыкі. Тысячы нотных запісаў, якімі карыстаюцца хоры з усяго свету, ад самых старых, на мове якой карыстаўся сам Хрыстос, па сучасныя кампазіцыі, інспіраваныя праваслаўем. Гэта сутнаснае рэха прысутнасці каля 600 хораў з 34 краін свету. Можна тут таксама знайсці дзесяткі нотных зборнікаў, у тым ліку нашы самыя новыя выданні, як „Альманах царкоўнай музыкі” ці іншыя, як апрацаванне на хор праваслаўных калядак, думаю што адзінае ў Польшчы. У нас можна знайсці самую вялікую калекцыю гукавых запісаў, якія вядуцца з 1984 года, сярод іх 22 альбомы CD з запісамі перад усім гала-канцэртаў, але і з літургіямі Чайкоўскага, Грачанінава, творамі Джона Тавенера ці „Гімнам святога Данілы” Кшыштафа Пэндэрэцкага, нашага мастацкага патрона. Тут трэба падкрэсліць, што дзякуючы нашай руплівасці i сучаснай тэхніцы маем запісы, думаю, усіх хораў, якія выступалі ў час фестывалю, ад прыхадскіх, маленькіх хораў, дырыжораў ці спевакоў якіх няма ўжо сярод нас, па самыя маштабныя, прафесіянальныя спявачыя ўстановы. Гэта унікум. З другога боку вельмі важнай для нас з’яўляецца таксама папулярызацыя музыкі іншых канфесій, чаму служаць хаця б Белавежскія дні сакральнай музыкі. — А калі ідзе пра свецкую культуру- — У гэтай галіне таксама арганізуем шмат мерапрыемстваў. Але трэба адзначыць, што наша мэта — паказаць, што музычная культура рэгіёна, апрача вёскі, фарміравалася таксама на дварах, сярод шляхты, магнатаў. Добрым прыкладам гэтаму з’яўляюцца традыцыі Антонія Тызенгаўза, якія працягвае Гродзенская капэла. Вельмі цёпла ўспрымаюцца ладжаныя вось у гэтым кантэксце Белавежскія сустрэчы з арыяй. Праект „Спалучае нас пушча” дазваляе папулярызаваць творчасць, інспіраваную Белавежскай пушчай, напрыклад, славутую „Белавежскую тэку” Фелікса Нававейскага ці „Рэха Белавежы” Рамуальда Твардоўскага, якія таксама выкананыя былі на беларускай мове. Як цікавінку варта сказаць, што сярод прагледзеных шматлікіх вершaў Твардоўскаму найбольш спадабаліся тыя аўтарства Алеся Барскага ды Віктара Шведа. Іншыя цікавыя ініцыятывы гэта сустрэчы, якія адбываюцца ў сядзібе цэнтра „Чарлёнка”. Трэба тут абавязкова сказаць, што першым дасягненнем нашай арганізацыі было выратаванне будынка чыгуначнага прыпынку на шляху ў Белавежу. Ён мне заўсёды падабаўся і быў штуршком да дзеяння, а гэта ж жамчужына тутэйшага цяслярства. Таму і сустрэчы, якія тут маюць месца, спасылаюцца на ідэю самога месца. Прыпынак гэта даезд, якога сінонімам можа быць прошлае, гэта прыпынак, спыненне, нібыта сучаснасць, гэта таксама далейшае падарожжа, тое, што перад намі. Спалучаем мінуўшчыну, але глядзім і ў будучыню. Запрашаючы да нас Мысліўскага ці Рэдлінскага маем надзею, што ўражанні, якія пакіне кантакт з пушчай і людзьмі, паўплываюць на іхнюю творчасць. Спадзяемся, што будуць яны працягваць традыцыі Неверліх, Канапніцкай, Ажэшка, Сянкевіча ці Крашэўскага, якія ў сваёй творчасці пакінулі прынамсі сляды нашага рэгіёна. Чаму ў сучаным мастацтве не маюць існаваць такія ідэі- Гэтыя сустрэчы выраслі да такіх памераў, што цяпер ладзім іх у цыклах, напрыклад, размовы пра розныя галіны мастацтва, сустрэчы з прадстаўнікамі нацыянальных і рэлігійных меншасцей у Польшчы ці цыкл „Гарачыя месцы ў свеце”, які выклікае шмат эмоцый. — Мы тут сёння сустрэліся таксама пры нагодзе спаткання з тэнарам Міхалам Скепкам. — Гэта ж цуда. Паколькі мастацкімі прадстаўнікамі рэгіёна былі i ёсць такія людзі як Тамара Саланевіч ці Лёнік Тарасэвіч, так у галіне вакальнай музыкі другой такой візіткі няма. Ён таксама прадстаўляе пакаленне выхадцаў, частка якіх адмежавалася ад сваіх каранёў, a ён іх не адракаецца. Наш абавязак — прыблізіць гэту постаць культуры i ёю ганарыцца. Гэта выдатны прыклад, які адлюстроўвае місію нашай няўрадавай арганізацыі — прамоцыю рэгіёна. — Чым адметны будзе гэты год у дзейнасці цэнтра- — Гэта будзе незвычайны год, на працягу якога хочам прыблізіць жыхарам рэгіёна і не толькі памяць роду Неверліх. У гэтым годзе якраз адзначаем 105 гадавіну нараджэння ў Звярынцы каля Белавежы выдатнага літаратара Ігара Неверлі і 75 гадавіну з дня нараджэння яго сына, пісьменніка і драматурга Яраслава Абрамава-Неверлі. Пры нагодзе прыпомнім усім сеніёра гэтай сям’і на нашай зямлі, маравяніна па паходжанні Юзэфа Неверлі, які пахаваны на праваслаўных могілках у Варшаве. Вельмі важная тут падтрымка белавежскай управы, якая аднагалосна прыняла пастанову аб названні гэтага года „Годам Неверліх”, дзякуючы перш за ўсё заангажаванню старшыні Рады гміны Яна Гвая, войта і іншыx дэпутатаў. Ідэя выклікала прыхільнасць дырэктар Белавежскага нацыянальнага парку, але і Саюза польскіх літаратараў ці Еўрапейскага таварыства культуры на чале з яго старшынёю Яўгенам Кабатцам. Спадзяемся, што на інаўгурацыю „Года Неверліх”, планаваную на пачатак красавіка, прыедзе з Канады Яраслаў Неверлі, адбудзецца таксама прапрэм’ера фільма Андрэя Ціткава „З бяседы багоў”, будуць выстаўкі, канцэрты ды літаратурны сімпозіум. Аж просіцца, каб з гэтай нагоды назваць вуліцу ці ўстанову іменем Неверліх, а таксама ўвекавечыць месца нараджэння Ігара Неверлі. — А як у гэтыя планы ўпісваюцца Мастацкія інтэграцыйныя сустрэчы „Пэрэточэ”- — У рамках „Пэрэточа” плануем, між іншым, канцэрт прысвечаны Неверлім, але будзе гэта ў шырокіх рамках шматкультурных прэзентацый. — Ведаем ужо, што з 20 па 25 траўня адбудзецца чарговы Фестываль царкоўнай музыкі, зноўку ў Беластоку. — Месца фестывалю — гэта, як вядома, акрамя традыцыі — неабходнасць, але мае гэта свае пазітыўныя бакі. Мы дайшлі да высновы, калі яшчэ адбываўся ён у Гайнаўцы, што прыйшоў час папулярызацыі царкоўнай музыкі як цэннай духовай вартасці не толькі сярод праваслаўных, бо гэта як вучыць кітайцаў кітайскай мовы. Ад некалькіх гадоў з’явілася патрэба, якую дасканала выказаў наш вялікі сябра, айцец Юрый Шурбак, гаворачы пра ідэю „знімання паціны часу”. Падкрэсліў ён значэнне прамоцыі духовай культуры сярод іншых веравызнанняў. Беласток дае таксама магчымасць прэзентаваць творы, якім раней не было месца, творы выдатных кампазітараў a капела, але таксама з аркестрам. Хочам паказваць рэгіёны, у якіх можна сустрэць царкоўную музыку, як было ў мінулым годзе з хорам з Казахстана. — Ці можам чакаць нейкіх неспадзяванак- — Самой вялікай неспадзяванкай будзе тое, што фестываль адбудзецца. Вядома, гэта жарт. — Значыцца, што нейкія арганізацыйныя праблемы ідуць побач з Вамі- — Як заўсёды. Вядома, што грошай ніколі не хапае, але мы аптымісты. Гэта не таямніца, што Маршалкоўская ўправа прызначыла нам толькі 30 тысяч злотых, гэта намнога менш чым у мінулых гадах, але таксама неадэкватна да маштабнасці мерапрыемства. Разлічваем таксама, як заўсёды, на міністэрства, але і на іншых спонсараў. Пры нагодзе хачу таксама сардэчна падзякаваць тым, якія прызначаюць 1% сваіх падаткаў на нашу дзейнасць (Fundacja „Muzyka Cerkiewna”. KRS 0000016891). Але, вяртаючыся да больш прыемных інфармацый, то варта сказаць, што сёлетні фестываль упісваецца ў дзве важныя падзеі. Першая — гэта 75 гадоў творчай працы Кшыштафа Пэндэрэцкага і аб’яўленне гэтага года „Еўрапейскім годам міжкультурнага дыялога”. Таму ў час інаўгурацыі хочам запрэзентаваць творы Кшыштафа Пэндэрэцкага i выдатнага кампазітара Аляксандра Архангельскага. Жаданне прыняць удзел у сёлетнім фестывалі заявілі хоры з больш за 20 краін свету. Тое, што пачуем, будзе рэзультатам нашай канцэпцыі і магчымасцей хораў у адміністрацыйнай і мастацкай сферах. — Пытанне таксама пра ваш сайт у Інтэрнэце. Складваецца ўражанне, што не заўсёды паспяваеце з актуальнай інфармацыяй, а і сайт не да канца адпавядае маштабнасці арганізаваных Вамі мерапрыемстваў- — Прызнаюся, маем тут пэўныя праблемы. Як большасць няўрадавых арганізацый, вядома, маем недахоп сродкаў на бягучую дзейнасць. Няма таксама зашмат людзей, якія хацелі б у такіх умовах над гэтым працаваць. Можа знойдуцца ахвотныя дзякуючы гэтаму інтэрв’ю. Увогуле маем праблемы з інфармацыяй, перш за ўсё, у горадзе. Бывала, што не хацелі змяшчаць аб’яў пра нашы мерапрыемствы на сайтах горада, не можам таксама іх змяшчаць на гарадскіх табліцах, якія я дарэчы ў прошлым ставіў. Бракуе нам тут медыйнай падтрымкі. Не паяўляемся ў ніводных гарадскіх публікацыях, ні на картах горада. — Шчасліва знаходзіцеся на культурнай карце рэгіёна ў свядомасці людзей, але самым новым доказам вашай прысутнасці з’яўляецца кампакт-дыск „Пэрэточэ”. — Гэты альбом прэзентуе выканаўцаў, якія паяўляліся дагэтуль у час Мастацкіх інтэграцыйных сустрэч „Пэрэточэ” ў Белавежы. Адначасова гэта прэзентацыя розных культур, звязаных з нашым рэгіёнам. Можна тут пачуць беларускія, літоўскія, лэмкаўскія, гуральскія, казацкія, жыдоўскія, нямецкія песні, бо фактычна такія сувязі мы ў змозе даказаць. Няхай прыкладам будзе Францішак Болаз, горац, мастак і настаўнік, які навучыў нашых майстроў інтарсіі. Цэласць пачынаецца даволі сумна, бо з клезмерскага твора. Гэта наш паклон у бок народа, які шмат унёс у нашае мастацкае і гаспадарчае жыццё, а якому адмовілі права спакойна жыць. Пры нагодзе хачу сказаць, што калі нашу ідэю ўрэшце заўважыць Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, тады хочам падняць ініцыятыву захавання жыдоўскай спадчыны. У Варшаве паўстае музей культуры польскіх жыдоў. Яго існаванне будзе рэальнае, калі знойдуцца памяткі матэрыяльнай і духовай культуры жыдоў. Таму і мы хочам далучыцца да гэтай ідэі. Ёсць многа негатыўных прыкладаў непашаны да гэтай спадчыны і памяці, як знішчэнне сажалкі Ардань у Навасадах, якая была сімвалам сяброўства і салідарнасці суседзяў-жыдоў, сажалкі жыдоўскай сям’і Кусавіцкіх, у якой дзесяткі гадоў купалася ўся вёска, паілі жывёлу, мачылі колы вазоў па дарозе на сенажаці. Але яшчэ пра дыск слоў пару. Можна на ім пачуць багацце мелодый, часта супольных для многіх нацый і культур, як і сама назва „пэрэточэ”, што абазначае месца перад клуняй, супольнае для ўсіх жыхароў тутэйшых вёсак. Можна пачуць і нашы танцы, як „лысы”, называны і „карапетам”, які выканаў калектыў „Маланка”, але і казацкі фальклорны калектыў. Ёсць і шмат іншых мелодый, часам даволі рэдкіх для нашай культурнасці, як жартоўныя, вельмі вясёлыя песні. Думаю, прыемна будзе паслухаць і казацкіх песень, якія ўвасабляюць казацкую натуру, для нашых сялян асацыюючыхся з ідэяй свабоды. Так у скарачэнні можна прадставіць ідэю дыска і самога „Пэрэточа”. — Цудоўная ідэя. Дзякую за размову. — Дзякую. Ніва,
Iнтэрнэт-выданне |